Як аб фестывалі ў Панямонцах расказаць за тры хвіліны?

Шмат добрай музыкі, цікавых людзей і вясёлых момантаў. Менавіта гэтыя свае адчуванні паспрабаваў перадаць Дзяніс Велічковіч у прома-роліку, які ён падрыхтаваў па выніках фестываля "Разам".

Гэтае свята прайшло з 31 ліпеня па 1 жніўня 2015 года ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна і быў прысвечаны 15-годдзю YMCA Беларусь (грамадскай арганізацыі «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых»). Фестываль сабраў гасцей не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але таксама з Расіі, Украіны, Швейцарыі, Германіі, іншых краін. Радасці ў агульную атмасферу дадалі жыхары Панямонцаў і суседніх вёсак.

­– На працягу двух дзён праходзілі майстар-класы па малюнку, скаўтынгу, ткацтву, лепцы, сцэнічным баі ды іншых тэмах, – распавядае Дзяніс. – На сцэне пад адкрытым паветрам выступалі некалькі музычных гуртоў. Мая задача была – зняць на відэа найбольш яскравыя моманты.

Для самога Дзяніса фестываль стаў вялікім майстар-класам. Хлопец у Брэсце скончыў 11-ы клас школы. Збіраецца паступаць у сталічную Акадэмію мастацтваў, вывучыцца на відэааператара, працаваць затым на тэлебачанні. Таму імкнецца сам паступова асвойваць асновы будучай прафесіі.

– Не ўсе з задуманага атрымалася, – прызнаецца ён. – Калі пакінуў толькі добрыя па якасці «кавалачкі», атрымалася ў суме каля 40 хвілін. Прыйшлося яшчэ шмат гадзін выдаткаваць на тое, каб змантаваць, зрабіць відэа дынамічным.

У выніку атрымаўся ролік працягласцю тры з паловай хвіліны. Яркую атмасферу фестывалю дапамагла перадаць і песня спявачкі Вары, якая выступала ў Панямонцах.

– У наступны раз, калі я ці хто-небудзь іншы будзе рабіць ролік з чарговага фестывалю, трэба яшчэ больш здымаць матэрыялу, рабіць разнастайных сюжэтаў, – такую выснову зрабіў Дзяніс Велічковіч па выніках свайго пройдзенага ў Панямонцах «майстар-класа». – А яшчэ трэба здымаць шмат буйных планаў, перадаваць эмоцыі людзей. Яркіх эмоцый на фестывалі было вельмі шмат!

Руслан Ананьеў

 

Пакіньце каментар

© YMCA Minsk, 2015