Вольга Крусь: “Фестываль “Разам” можа адправіцца ў замежную вандроўку”

Фестываль “Разам”, які прайшоў 31 ліпеня-1 жніўня ў Панямонцах Лідскага раёна Беларусі, спарадзіў хвалю творчых эксперыментаў і яркіх, шчырых пачуццяў. У далейшым, на думку каардынатара праекту Вольгі Крусь, гэты маштабны дэбют можа перарасці ў штосьці яшчэ больш цікавае і крэатыўнае.

— Фестываль быў прымеркаваны да 15-годдзя грамадскага аб’яднання “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA Беларусь), — тлумачыць Вольга Крусь. — Мы вырашылі зрабіць гэта крэатыўна і пайшлі на вялікі эксперымент. Па-першае, ніхто з нашай каманды раней не ладзіў мерапрыемства такога маштабу. Па-другое, мы вырашылі прысвяціць яго тэме еднасці і напоўніць праграму мноствам майстар-класаў, сабраць разам прафесіянальныя і аматарскія творчыя суполкі. Па-трэцяе, мы прызначылі сустрэчу ў беларускай глыбінцы – ў невялікай вёсцы на беразе Нёмана.

І калі меркаваць па мноству эмацыянальных водгукаў, наш эксперымент прынёс вельмі добрыя вынікі. Мы сабралі творчых людзей з розных куткоў Беларусі, запрасілі гасцей з іншых краін. Усе пераканаліся ў шматбаковых крэатыўных патэнцыяле валанцёраў YMCA Беларусь ды іншых беларусаў, пераканаліся ў нашых вялікіх пасіянарных магчымасцях. Удзельнікі музычных гуртоў ды іншых творчых праектаў прыдбалі новых прыхільнікаў, задумаліся аб новых эксперыментах.

Фестываль стаў вялікім святам і для жыхароў Панямонцаў і суседніх вёсак. У глыбінцы адчуваецца дэфіцыт нагод для радасці. А тут на фестываль прыйшло шмат мясцовых жыхароў. І яны былі не пасіўнымі гледачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі – спявалі песні, чыталі ўласныя вершы, распавядалі байкі. Іх энергічнасці і адкрытасці можна пазайздросціць. Панямонцы – гарманічны куточак сапраўднай Беларусі і сапраўдных беларусаў.

— Валанцёры YMCA Беларусь, удзельнікі творчых праектаў, замежныя госці, жыхары Панямонцаў – для каго фестываль прынёс найбольшую карысць?

— Мяркую, што адразу для ўсіх. Валанцёры YMCA Беларусь добра і весела адпачылі, паўдзельнічалі ў творчых эксперыментах, пазнаёміліся з прадстаўнікамі іншых рэгіянальных суполак арганізацыі, а таксама з швейцарскімі, нямецкімі, расійскімі “калегамі”.  Наогул, фестываль  — гэта выдатны піяр для нашага аб’яднання і стымул для фарміравання каманды актыўных і крэатыўных людзей.

Для жыхароў Панямонцаў фестываль – незабыўнае свята. Сяльчане абудзіліся, згуртаваліся, адчулі суседскую еднасць. Прафесіянальныя музычныя гурты зрабілі ўсім вялікі падарунак. Канешне, у Панямонцах было не тысяча гледачоў, а только каля 200. Але для творцаў гэта таксама важна. Пасля канцэрту многія да мяне падыходзілі, перапытвалі, як называецца гурт, адкуль ён прыехаў, дзе можна паслухаць песні, як трапіць на наступны канцэрт. І гэта значыць, што кола іх прыхільнікаў, безумоўна, пашырыцца, у тым ліку і ў замежжы.

Я і сама разам з іншымі ўдзельнікамі арганізацыйнага камітэту атрымала карысны досвед.  Сабраць у адным месцы шмат творчых людзей, распрацаваць цікавую праграму, прывезці тэхнічнае абсталяванне – гэта было больш складана, чым меркавала раней. Але на практыцы зразумела, што і як трэба рабіць. І гэта дапаможа ў арганізацыі новых фестываляў.

— Якім будзе працяг фестывалю ў Панямонцах? Што плануецца ўдасканальваць пры арганізацыі наступных мерапрыемстваў?

— Першы фестываль спадабаўся многім людзям. Таму мы адразу ж пасля вяртання з Панямонцаў узяліся за падрыхтоўку да новага.

Канцэпцыю фестывалю мяркуецца захаваць. Плануецца збіраць людзей з розных рэгіёнаў Беларусі ды іншых краін, абапірацца на ідэі еднасці, займацца творчымі эксперыментамі. Абавязкова будзе шмат майстар-класаў. Ткацтва, жывапіс, сцэнічнае майстэрства, стрыт-арт, народная педагогіка, харавыя спевы, гарбатныя традыцыі, аўтэнтычныя беларускія танцы, у-шу і капаэйра – гэтыя ды іншыя тэмы заняткаў прывабілі многіх.

На наступным фестывалі хацелася б сабраць яшчэ больш музычных калектываў, дэталёва распрацаваць праграму, размеркаваць па асобных пляцоўках аматарскія і прафесіянальныя выступленні.

Акрамя таго было б добра развіць ідэю еднасці – зрабіць фестываль інклюзіўным: запрасіў да ўдзелу ў ім, напрыклад, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, дзяцей-сірот ці падлеткаў са шматдзетных і няпоўных сем’яў, іншых.

Абмяркоўваецца і яшчэ адна цікавая ідэя. Нямецкія партнёры, якія пабывалі на ным фестывалі, прапанавалі зрабіць яго вандруючым – па чарзе ладзіць у дзвюх краінах, адным летам – у Панямонцах, наступным – у Германіі. Калі такое атрымаецца, беларускія музычныя гурты і вядучыя майстар-класаў змогуць выступіць у Германіі, а прадстаўнікі нямецкіх творчых праектаў – завітаць у Беларусь.

Руслан Ананьеў

Пакіньце каментар

© YMCA Minsk, 2015