Раман Ніколенка: «У тэнсінгу можна крута выносіць крэслы і запальваць свечкі»

З беларускага Клуба вясёлых і знаходлівых Раман Ніколенка прыйшоў у лідскі тэнсінг. З'ехаў у Менск, перабраўся ў Маскву, папрацаваў праграмістам, стаў праводзіць трэнінгі. На яго думку, YMCA Беларусь надае маладым людзям упэўненасці, пазітыву і прагі творчасці.

 Нарвежцы паказалі клас

– Я гуляў у КВЗ у камандзе лідскай лакафарбавага завода, – узгадвае Раман. – Мы дайшлі да паўфіналу Вышэйшай беларускай лігі. Па тэлевізары мяне паказалі тры разы, мая мама была вельмі задаволеная.

Непаўторны і прывабны дух КВЗ прыцягваў, натхняў. Але дзе шмат амбіцый, жаданняў перамагаць, там пачынаюць круціцца грошы, і творчае спаборніцтва праходзіць па законах бізнесу. Таму я сыйшоў з КВЗ.

Але творчы імпэт застаўся. Таму быў рады, калі дзесьці ў 2001 годзе Міхаіл Аляксандравіч Янкоўскі запрасіў мяне ў сярэднюю школу № 9 стаць кіраўніком драмы мясцовага тэнсінгу.

Яшчэ раней у школу прыязджалі нарвежскія хлопцы. Яны паказвалі, як працуе іх тэнсінг, навучалі нашых школьнікаў. Таму я пачынаў не з нуля.

У тэатры важны вынік, у тэнсінгу працэс

– У мяне не было спецыяльнага тэатральнай адукацыі. Толькі досвед, атрыманы ў КВЗ. Дапамагалі парады сяброў з асяроддзя акцёраў і рэжысёраў. Пабываў у расійскім Суздалі на фестывалі тэнсінгу. Там прадставіў нашу краіну і сам шмат чаму навучыўся. Акрамя таго я шмат эксперыментаваў, вучыўся разам з хлопцамі з майго тэнсінгу. Гэта было так цікава!

Да таго ж выразна разумеў, што драма тэнсінгу адрозніваецца ад прафесійнага тэатра. У тэатры ты доўга-доўга рэпетыруеш, стамляешся, вымотваешся. Але ў выніку паказваеш на сцэне вынік – і табе добра.

Мне больш падабаецца іншы падыход: ты з задавальненнем робіш шмат-шмат цікавага і вясёлага. Усё гэта выліваецца ў цікавую рэч. Усё на пазітыве. Творчасць павінна быць менавіта такой.

У тэатры важны вынік – паказ спектакля на сцэне. А ў тэнсінгу важней працэс. Гэты працэс павінен быць максімальна суладным, прыемным, камфортным, радасным, каб людзям хацелася разам нешта рабіць.

Узрост нішто, прага дзеянняў усё

– Важная ідэя тэнсінгу палягае на тым, што ў яго можа прыйсці кожны. Усё роўна, якога ты ўзросту, які ў цябе ўзровень здольнасцяў. Важней жаданне, гатоўнасць да супольнай дзейнасці, працэс крэатыву.

Калі не ўмееш спяваць і трапляць у ноты, дык можаш танчыцьь, выступаць у драме або проста выносіць крэслы на сцэну.

Нашы старэйшыя хлопцы менавіта так і рабілі. Яны сыходзілі на другі план. Дапамагалі прыдумляць новыя пастаноўкі, вучылі менш дасведчаных “калег” і выносілі запаленыя свечкі на сцэну. І за гэта іх шанавалі і паважалі.

Тэнсінг дапамагае кожнаму паспрабаваць сябе ў новай сферы, стымулюе развіццё творчага патэнцыялу. Яшчэ ў такой камандзе вучышся ўзаемадзейнічаць, дамаўляцца. У тэнсінгу няма безумоўнага лідэра. Я – галоўны, а вы рабіце тое, што я сказаў – такога не было. Мы разам прыдумлялі, абмяркоўвалі, рабілі.

З цягам часу пашыралася поле маёй дзейнасці. Некаторы перыяд я нават быў старшынём YMCA Ліда.

Навучыўся канцэнтравацца і шанаваць час

– У нейкі момант я пераехаў жыць у Менск. Мне было вельмі шкада развітвацца з лідскім тэнсінгам, але трэба было зарабляць грошы, забяспечваць сям'ю. У сталіцы я таксама ўдзельнічаў у дзейнасці мясцовага аддзялення YMCA Беларусь. Але сабраць тэнсінг такога ж узроўня, які быў у Лідзе, не ўдалося.

Пасля гэтага перабраўся ў Маскву. Працаваў праграмістам, сістэмным адміністратарам. У апошні час займаюся навучаннем персаналу, праводжу трэнінгі. У гэтым мне вельмі дапамагае досвед, атрыманы ў YMCA. Я ўдзельнічаў у трэнінгу для трэнераў, і навучыўся канцэнтравацца, лепш распараджацца часам, больш эфектыўна вырашаць задачы.

Іншыя ў YMCA Беларусь таксама шмат чаму навучыліся. Напрыклад, упэўненасці. Мы з хлопцамі тэнсінгу вучыліся трымацца на сцэне, правільна рухацца і гаварыць у мікрафон. Такія ўменні карысныя ў многіх сферах звыклага жыцця.

Але самае галоўнае, што дае тэнсінг, – вучыць людзей быць актыўнымі, адказнымі. Калісьці я сустракаўся са сваімі сябрамі па тэнсінгу. Цяпер яны дарослыя дзядзькі, у кожнага свая прафесія. Адзін займаецца будаўніцтвам, іншы прадае вопратку, трэці – вядучы розных мерапрыемстваў. Але пры гэтым кожны з іх знаходзіць час для чагосьці яшчэ – падтрымліваць двыхаванцаў дзіцячых дамоў, абараняць жывёл, дапамагаць праводзіць канцэрты.

Вельмі добрым і важным я лічу і праект «Калядныя паштоўкі». Ён калісьці нарадзіўся ў YMCA Мінск і вырас у нешта больш маштабнае. Такія ініцыятывы трэба развіваць.

А яшчэ хочацца, каб у Лідзе і Мінску з'явіўся магутны тэнсінг. Упэўнены, што гэта можа стаць добрай творчай майстэрняй для многіх актыўных людзей.

Руслан Ананьеў

Пакіньце каментар

© YMCA Minsk, 2015