На беларускай вечарыне ў Мінску “адшукалі сябе”

Мачанкай, дранікамі, вершамі, радаснымі ўспамінамі, падарункамі і сакавітай беларускай мовай напоўнілі вечарыну “Маем сябе” ўдзельнікі YMCA Мінск ды іх сябры.

Вечарына была прысвечана народным традыцыям Беларусі і прасякнута беларускай мовай. Сабраліся ў кватэры на ўскрайку сталіцы і паспрабавалі зладзіць ліцвінскую вячэру. Штосьці прыгатавалі разам. Хтосьці зрабіў прысмакі ў сваёй хаце і прынёс з сабою. “Зялёныя” блінцы, мачанка, запечаная рыба, дранікі ды іншыя стравы сабралі ўсіх за сталом.

– Мачанка была вельмі смачнай, – падзяліўся ўражаннямі гасцінны гаспадар кватэры Аляксандр Слімко. – Яшчэ запомніліся гісторыі, якія па чарзе распавядалі ўсе удзельнікі сустрэчы. Гэта былі шчырыя словы пра імгненні радасці, здзіўлення і моцных эмоцый. 

Усе ў гэты вечар размаўлялі выключна па-беларуску. Некаторыя рабілі гэта з памылкамі, але не здаваліся. Кожны загадзя выбраў верш на беларускай мове і за сяброўскім сталом чытаў яго.

— Вершы былі вельмі розныя: вясёлыя і самотныя, пра каханне і сяброўства, простыя і па-філасофску глыбокія. Але кожны з іх быццам дакранаўся да сэрца, – прызналася старшыня YMCA Мінск Юлія Камяк. – Наогул, вечары атрымалася летуценнай, натхняльнай і цёплай-цёплай.

Так здарылася, што гэта вечарына была быццам прасякнута магіяй сімволікі. Сустрэча адбылася ў доме, размешчаным побач з дарожнай шыльдай, якая пазначае заканчэнне тэрыторыі Мінска. Такім чынам ўдзельнікі вечарыны быццам пераадолелі нейкія межы, распаволіліся і адшукалі свае культурныя і моўныя карані.

Акрамя таго, нечакана вызначылася, што вечарына прыпала на два дні нараджэння: аднаго з лідэраў YMCA Маладзечна Віталя Млечкі і народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Першага павіншавалі па тэлефоне, а другога – прачытаўшы яго вершы.    

— Першая такая сустрэча адбылася, напэўна, гады два таму,  – патлумачыў удзельнік YMCA Мінск Сяргей Малько. – Сёлетняя стала ўжо трэцяй. Яе назва “Маем сабе” – сімвал пошуку каранёў, шлях да ўсведамленне сябе беларусамі.

Падчас сустрэчы нарадзіліся ідэі новых праектаў і мерапрыемстваў. У прыватнасці, вырашылі зладзіць кніжны клуб: разам абмяркоўваць прачытанныя творы. Да першай такой сустрэчы дамовіліся прачытаць адну з кніг Святланы Алексіевіч – першай з беларусаў, якая стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі.

Руслан Ананьеў

Фота Настассі Жухаравай

Пакіньце каментар

© YMCA Minsk, 2015