Майстар-класы, "Алiас па-беларуску", смачная "бабка" ды квас: у YMCA Мiнск прайшлі беларускiя вячоркi

Традыцыйныя беларускiя вячоркi прайшлi ў нядзелю, 15 красавiка, у YMCA Мiнск. Нас чакалi cмачныя "бабка" i квас, шчырыя размовы, цікавы майстар-клас ад Надзеi Рубцэвіч, калi кожны зрабiў сабе ляльку-абярэг, гульня "Алiас па-беларуску", дзякуючы якой мы даведалiся i ўзгадалi, што такое гума" i "парэчкi", i шмат iншага.

Можна з упэўненасцю сказаць: сапраўдны беларускі вечар, дзе кожны дакрануўся да роднай культуры, паразмаўляў на беларускай мове і пакаштаваў смачныя традыцыйныя стравы, адбыўся! Было вельмi весела і цёпла.

«Я ўдзячная Надзе за арганізацыю цудоўнага вечара і ўсім-усім за выдатную кампанію. Было смачна, пазнавальна, творча і цікава, абавязкова прыйду яшчэ раз. Велізарная колькасць пазітыву, новыя знаёмствы і выдатны настрой – вось вынік нашай учорашняй сустрэчы!», – адзначыла Аксана Шавель.

«Было цікава дакрануцца да беларускай культуры праз ежу, гульні, размовы, – кажа Ігар Лабкоў. – Хоць у паўсядзённым жыцці мы рэдка карыстаемся мовай, на вячорках быў такі час, каб на ёй паразмаўляць. Было б файна далей праводзіць беларускія вечарыны з рознымі актыўнасцямі».

 

Антось Архіпенка дадаў:

– Было прыемна апынуцца на адзін вечар у атмасферу Беларусі будучыні, дзе ўсе ў нашай краіне ведаюць мову. Таксама дзякуй гаспадыне кватэры, дзякуй за смачныя стравы і цікавы майстар-клас. Было вельмі цікава.

 

 

Настасся Баброўская

Пакіньце каментар

© YMCA Minsk, 2015