Круці педалі!

Першую сумесную велавандроўку здзейснілі прадстаўнікі YMCA Мінска і клуба актыўнага адпачынку "Шпаркі вандроўнік". Каля 70 кіламетраў яны праехалі па маляўнічых месцах Смалявіцкага і Барысаўскага раёнаў.

Маршрут праклалі ад чыгуначнай станцыі Барсукі да Барысава з начлегам ля высокага берага Бярэзіны ў вёсцы Пескі. У такое падарожжа адправіліся сем чалавек: чацвёра хлопцаў і трое дзяўчат.

– Уразілі выдатныя лясныя пейзажы, – распавёў старшыня YMCA Мінска Аляксандр Трушнікаў. – Мы паспелі назбіраць і грыбоў, ягад. У велавандроўцы мы праехалі некалькі вёсак. Па дарозе зазірнулі ў мясцовую краму, каб набыць тушонкі ды іншых прадуктаў. Асартымент тавараў там быў сціплы. Затое на сцяне красаваўся плакат з Аляксандрам Саладухам. І самае вялікае ўражанне ў мяне засталося аб месцы, дзе мы начавалі. Там быў выдатны від на раку Бярэзіну ў вёсцы Пескі. Мясцовы жыхар распавёў нам гісторыю гэтай вёсачкі і паказаў найлепшае месца для нашага невялікага лагера.

Па словах Аляксандра, у наступным велавандроўку ён таксама хацеў бы адправіцца з наведваннем цэркваў, іншы цікавы гістарычныя аб'екты. Яшчэ задумаўся пра тое, каб купіць для ровара багажнік: на плячах везці паходны заплечнік вельмі цяжка і балюча.

– Больш за ўсё мне спадабалася, як зладжана ўсе разам мы рухаліся і ўсталёўвалі намётавы лагер. Калі хтосьці адставаў, дык астатнія чакалі яго ў цені дрэў або збіралі ягады і грыбы, – распавядае лідэр клуба актыўнага адпачынку "Шпаркі вандроўнік" Антон Іваноў. - Яшчэ было выдатна, што на шляху было некалькі крам, таму можна было не везці ўсю правізію з сабой, а ехаць частку маршруту ўлегцы. Хтосьці нават выкупаўся ў Бярэзіне. Яшчэ мы паплавалі на лодцы.

– Самае важнае ў велапаходзе, як, мабыць, і ў любым іншым падарожжы, гэта падрыхтоўка, – тлумачыць Антон. – Варта аптымальна сабраць усё неабходнае, пры гэтым не перагрузіць свой багаж. Прадумаць маршрут і быць гатовым да любых сітуацый: узяць аптэчку, інструменты для рамонту ровараў і намётаў, а таксама ўдакладніць наяўнасць бліжэйшых населенных пунктаў, у якіх маюцца крамы, медпункты. Неабходна і прадугледзець альтэрнатыўныя спосабы вяртання на пачатковы пункт вандроўкі.

Руслан Ананьеў

Пакіньце каментар

© YMCA Minsk, 2015