“Адкрыты Мінск-2018”: вялізны торт з танцамі, “ружамі” і квізам

Рэбусы, танцы, зарадка для розуму, смачны торт і шмат яркіх эмоцый. У апошні дзень верасня валанцёры YMCA Мінск правялі квэст «Адкрыты Мінск», які стаў добрай традыцыяй, і зноў здзівілі яго ўдзельнікаў.

Удзельнікі квэста аб'ядналіся ў дзве каманды і адправіліся па маршруце. Перасоўвацца ад адной кропкі да іншай ім дапамагала мапа з рэбусамі-падказкамі.

У кожным пункце прызначэння чакалі валанцёры. Тыя коратка распавядалі аб адным з кірункаў дзейнасці YMCA Мінск і прапаноўвалі выканаць заданне. Па выніках кожнага этапу налічваліся балы.

На адным аб'екце вучыліся танцаваць хіп-хоп, на іншым спрабавалі паўтараць рухі палымяна-спартыўнай зумбы. Акрамя таго, як сапраўдныя скаўты, паспрабавалі за хвіліну запомніць каля 40 прадметаў, а ў якасці эколагаў збіралі восеньскае лісце. А яшчэ, пачуўшы аповяд пра дабрачынную акцыю «Ствары цуд», з дубчыкаў, лісця дрэў і нітак стваралі «ружы». Паспрабавалі сябе і ў ролі мультыплікатараў: пакуль адна з удзельніц з завязанымі вачыма шукалі ў траве кавалачкі паперы, іншыя ёй дружна падказвалі. На «міжнародным» этапе павесяліліся падчас швейцарскай гульні з кубікамі, шакаладам і перапрананнямі. На "англійскай" кропцы было неабходна пералічыць па парадку 10 моў, на якіх выконваецца песня з папулярнага мультфільма.

— Мне спадабалася танцаваць хіп-хоп, — падзялілася ўражаннямі Вераніка Міхнавец. — А яшчэ было цікава праверыць, ці змагу за хвіліну запомніць сорак прадметаў.

— Я ў YMCA Мінск праводжу заняткі па скаўтынгу, — распавёў адзін з арганізатараў квэста Павел Лявытчанкаў. — Развіццё ўважлівасці, назіральнасці — адна з задач навучання. Таму я прапанаваў удзельнікам «Адкрытага Мінска» патрэніраваць памяць — на хвіліну паказаў схаваныя пад покрывам мноства розных прадметаў - нож, вяроўкі, фатаграфіі, ключы ды іншае. А затым папрасіў па памяці іх усё пералічыць. Прадстаўнікі дзвюх каманд вельмі стараліся, паказалі добрыя вынікі.

На апошнім этапе каманды спаборнічалі ў квіз — адказвалі на пытанні інтэлектуальнай віктарыны. Ім трэба было ўзгадаць усе краіны, у якіх нацыянальная валюта — крона. А яшчэ назваць горад, які заснавалі ў 1201 годзе на землях ліваў мараплаўцы. І многае-многае іншае.

Па выніках усіх этапаў вызначылі каманду-пераможцу, уручылі прызы. Шакаладкі з сімволікай YMCA Мінск атрымалі і астатнія ўдзельнікі квэста. Пасля ўзнагароджання ўсе пачаставаліся вялізным тортам, прыгатаваным валанцёрамі YMCA Мінск.

—- Квэст «Адкрыты Мінск» мы імкнемся праводзіць штогод, у пачатку навучальнага года, —- распавёў старшыня савета YMCA Мінск Аляксандр Трушнікава. —- Для мяне самога «Адкрыты Мінск» - гэта новыя знаёмствы, яркія станоўчыя эмоцыі і адкрыцці, новыя магчымасці.

Па словах Аляксандра Трушнікава, "Адкрыты Мінск" — гэта добрая нагода сустрэцца з актыўнымі валанцёрамі з іншых лакальных аддзяленняў YMCA Беларусі, якія пераехалі ў сталіцу, каб вучыцца або працаваць. А яшчэ - прывабіць новых людзей, распавесці аб нашай дзейнасці і, магчыма, падтрымаць іх крэатыўныя ідэі,

 

Руслан Ананьеў

фота Руслана Ананьева

Пакіньце каментар

© YMCA Minsk, 2015